«Ну і што?» Спыталі Савет бяспекі і прэс-службу Лукашэнкі наконт навінаў пра планы Расіі «паглынуць Беларусь да 2030 года»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У СМІ з’явіўся дакумент пра магчымыя планы па ўзмацненні расійскага ўплыву ў нашай краіне, нібыта атрыманы з адміністрацыі Пуціна. Згодна з дакументам, галоўная стратэгічная мэта Расіі — да 2030 года стварыць «паўнавартасную Саюзную дзяржаву». «Новая газета» называе гэты план «паглынаннем Беларусі». Выданне паказала яго заходнім экспертам. Яны лічаць дакумент сапраўдным. Пад выглядам занепакоенай грамадзянкі журналістка «Люстэрка» звярнулася ў Савет бяспекі і прэс-службу Лукашэнкі.

Государственные флаги России и Беларуси, 21 февраля 2022 года. Фото: Reuters
Дзяржаўныя сцягі Расіі і Беларусі. Фота: Reuters

«Што мы яшчэ вам мусім тлумачыць?»

У канцылярыі Савета бяспекі Беларусі да тэлефона паклікалі супрацоўніка, які тлумачыць што-кольвек адмовіўся:

— Пішуць, што нас Расія можа да 2030 года паглынуць.

— Ну і што?

— Раскажыце, што адбываецца. Страшна.

— А куды вы тэлефануеце?

— У Савет бяспекі.

— А што, мы мусім вам каментаваць гэтыя пытанні?

— Мабыць. Вы ж адказваеце за гэтыя пытанні.

— Гэта правільная фраза — «мабыць». Прэзідэнт выразна сказаў, калі ўжо вы так гаворыце, на канферэнцыі з Пуціным выразна ўсё растлумачыў. Што мы яшчэ вам мусім тлумачыць?

Наш суразмоўца не ўдакладніў, што ён мае на ўвазе і пра якую канкрэтна канферэнцыю ідзе гаворка. Імаверна, пра сумесныя прэс-канферэнцыі Лукашэнкі і Пуціна па выніках сустрэч, якія ў апошні год яны праводзяць вельмі часта.

На адной з такіх, 19 снежня, двум журналістам дазволілі задаць палітыкам пытанні, тыя пыталі пра футбол і цэны на газ, а яшчэ — пра імавернае паглынанне Беларусі Расіяй. Пуцін адказаў, што ў Расіі «няма зацікаўленасці каго б там ні было „паглынаць“, у гэтым проста няма мэтазгоднасці». А Лукашэнка дадаў, што гэта ўкіды «дзвюх тысяч збеглых», разважаў пра тое, што яго і Пуціна ў свеце лічаць суагрэсарамі, і паўтарыў, што Захаду «не ўдасца разарваць нашыя адносіны»: «Яны будуць толькі ўмацоўвацца. А базу сёння мы фактычна з прэзідэнтам і нашымі калегамі стварылі для будучага рыўка наперад. Мы яго зробім». Пра што канкрэтна гаворка і ці можа суседняя дзяржава пашырыць уплыў на нашую краіну, так і не адказаў.

— Значыць, ніякіх каментароў канцылярыя даваць не будзе, — адказалі нам у Савеце бяспекі. — Мы займаемся тым, што нам акрэслена ўказам прэзідэнта, дадзенае пытанне да нашай кампетэнцыі не адносіцца. Ёсць указ прэзідэнта «Пра Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь», там усё дакладна вызначана, ён адкрыты. Глядзіце, чытайце, а ўжо потым задавайце пытанні.

— На сайце адміністрацыі Лукашэнкі гаворыцца, што «да вядзення Савета бяспекі» адносяцца пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі, якія «закранаюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, прыняцце найважнейшых рашэнняў па забяспечанні палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, сацыяльнай, дэмаграфічнай, інфармацыйнай, ваеннай і экалагічнай бяспекі дзяржавы і яе грамадзян».

— Так, так, — пагадзіўся супрацоўнік Савета бяспекі. — Але мы не тлумачым палітыку дзяржавы грамадзянам, — адказаў ён, адправіў да чыноўнікаў у адміністрацыі Лукашэнкі, якія займаюцца зваротамі грамадзян, і ў яго прэс-службу, а потым паклаў слухаўку.

«З навінамі гэтымі мы знаёмыя»

Па настойлівай рэкамендацыі Савета бяспекі мы ўсё ж патэлефанавалі ў прэс-службу Лукашэнкі. На званок адказала адна з супрацоўніц і адразу сказала, што афіцыйнага каментара з гэтай нагоды не прадстаўнікам СМІ не дае.

— А хто можа звычайнаму чалавеку растлумачыць, ці будзе нас паглынаць суседняя дзяржава? Тут такія навіны з’яўляюцца, і ніхто нічога не каментуе.

— Пра гэта пішуць даўным-даўно ў розных варыяцыях, але… (паўза)

— Дык ужо ёсць дакумент, дзе прапісаныя канкрэтныя крокі: можа стварацца адзіная валюта, будуць выдавацца расійскія пашпарты, будзе падладжвацца заканадаўства, Поўная інтэграцыя. Інтэграцыя ў нас вядзецца — чаму мы не павінныя верыць гэтым дакументам?

— (доўгая паўза) Ну глядзіце, гэтыя дакументы — гэта ўзята кімсьці аднекуль. Гэта ж не афіцыйныя дакументы. Афіцыйна такіх навін няма, таму тут няма чаго каментаваць.

— Ну і пра вайну спачатку афіцыйна нічога не было — казалі, што нічога не будзе, а потым расійскае войска апынулася на тэрыторыі Украіны. Вы потым будзеце нешта каментаваць? Вы навіны бачылі наогул? Вы ж прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

— З гэтымі навінамі мы знаёмыя. Калі будуць афіцыйныя каментары, вы іх убачыце.

— А калі яны будуць? Калі нам растлумачаць, што наогул адбываецца?

— Не магу цяпер адказаць. Складанае пытанне, ці будзе гэта каментавацца. <…> Такія навіны трапляюць у сеціва рэгулярна. Калі яны падмацаваныя нейкім дакументам, сапраўднасць якога пацвердзіць ніхто не можа, — ну, нічога тут новага няма.

— Вы наогул вывучаеце гэтыя навіны, разумееце, што калісьці яны могуць стаць не навінамі? Увойдзем у склад суседняй дзяржавы. Вы ж мусіце на гэта звяртаць увагу. Мы не хочам жыць у Расіі — мы хочам жыць у Беларусі, незалежнай.

— (паўза) Ну, асабіста я таксама. Як чалавек і як грамадзянін сваёй краіны. Я не думаю, што варта турбавацца наконт чарговых навінаў такога кшталту.

Мы спрабавалі даведацца ў супрацоўніцы прэс-службы, хто з прадстаўнікоў улады можа адказаць на гэтае пытанне, але яна толькі паабяцала перадаць кіраўніцтву «такі запыт, што людзі хвалююцца».

— І, можа быць, яны падумаюць, што сапраўды варта зрабіць нейкую афіцыйную заяву, выступ, каб людзі не турбаваліся. Дзякуй за пільнасць, мы вас пачулі, — адказала дзяўчына. Аднак на момант публікацыі тэксту каментара з гэтай нагоды на сайце Аляксандра Лукашэнкі або ў тэлеграм-каналах, звязаных з яго прэс-службай, не з’явілася.

Мы таксама паспрабавалі звязацца з Міністэрствам замежных справаў Беларусі і старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацбяспецы Сяргеем Рачковым. Аднак атрымаць каментар не ўдалося.

Нагадаем, 12 студзеня 2023 года Лукашэнка праводзіў нараду па інтэграцыі з РФ і выкананні праграм Саюзнай дзяржавы, на якой заяўляў, што па 28 праграмах ужо выканана каля 70% мерапрыемстваў, але «прыкметных зрухаў, перш за ўсё ў сферах энергетыкі, прамысловасці, транспарту, Беларусь пакуль не адчула». Ён таксама запэўніў, што «пра страту нейкай часткі» суверэнітэту краіны «гаворкі не ідзе»:

— Папярэджваю, гаворкі пра тое, што Расія ці Беларусь паступаюцца сваім суверэнітэтам, не ішло і на сённяшні дзень не ідзе і ісці не можа. Проста няма неабходнасці. Мы яшчэ ў тым фармаце, у якім супрацоўнічаем з Расіяй, не выпрацаваліся.