Днямі СМІ атрымалі дакумент, які апісвае планы па ўзмацненні расійскага ўплыву ў Беларусі, датаваны восенню 2021 года. Самі мэты, выкананне якіх мусіць прывесці да фармавання «паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы» ў 2030 годзе, аформленыя ў тры блокі — на кароткатэрміновую, сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву. Мы вырашылі паглядзець, якія палажэнні з гэтага дакумента (калі ён сапраўдны і сапраўды складзены ў Крамлі) ужо рэалізаваныя на практыцы або рэалізуюцца проста цяпер, — і знайшлі ў ім некалькі дзіўных рэчаў.
У цэлым увесь комплекс акрэсленых у дакуменце мэтаў выглядае як «паўзучая» анексія Беларусі, якая прасоўваецца па палітычным, эканамічным і ваенным напрамках. На думку амбасадара ЗША пры АБСЕ Майкла Карпентэра, агучанай ім для Yahoo! News, мэты Расіі ў нашай краіне дакладна такія ж, як і ва Украіне: вынікам мусіць стаць поўнае паглынанне. Толькі ў Беларусі РФ абапіраецца не на вайну, а на прымус.
Мэты ў палітычнай і ваеннай сферы
На кароткатэрміновую перспектыву дакумент акрэслівае дзевяць палітычных мэтаў. Тры з іх — «фармаванне ўстойлівых прарасійскіх груп уплыву ў беларускай палітычнай эліце», «кантроль за выкананнем Беларуссю абавязанняў у рамках інтэграцыйных аб’яднанняў, якія прасоўваюцца Расіяй», і «інтэнсіфікацыя транспамежнага і рэгіянальнага супрацоўніцтва» — гэта хутчэй не канкрэтныя мэты, а працэсы без выразна вызначаных індыкатараў дасягнення. Ацаніць іх завершанасць не ўяўляецца магчымым. Астатнія шэсць — дастаткова пэўныя.
Мэту па «завяршэнні канстытуцыйнай рэформы на расійскіх умовах, аказанні фармавальнага ўздзеяння на параметры партыйна-палітычнай сістэмы» наўрад ці можна лічыць дасягнутай. Адкрыта «прарасійскай» зменай у Канстытуцыі, згодна з папраўкамі, прынятымі ў лютым 2022 года, выглядае толькі адмова Беларусі ад нейтральнага статусу (паводле яго Беларусь мусіла імкнуцца да няўдзелу ў ваенных блоках). Асноўная ж частка новаўвядзенняў звязаная з магчымасцю далейшага захавання ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Што да «фармавальнага ўздзеяння на параметры партыйна-палітычнай сістэмы», то, падобна, да яго яшчэ вельмі далёка. Спроба стварэння прарасійскай партыі «Саюз» скончылася ў траўні 2021 года адмовай Мінюста ў яе рэгістрацыі.

Мэта «ратыфікацыя пагаднення аб узаемным прызнанні візаў» сапраўды цалкам дасягнутая — з лютага 2023 года абедзве дзяржавы прызнаюць візы і іншыя дакументы, якія даюць права на ўезд і знаходжанне, выдадзеныя іншым бокам (пачаць дзейнічаць пагадненне мусіць ужо ў сакавіку).
Мэту «абмежаванне ўплыву нацыяналістычных і празаходніх сілаў у Рэспубліцы Беларусія» (менавіта так назва нашай дзяржавы выглядае ў дакуменце. — Заўв. рэд.) можна лічыць абмежавана дасягнутай. Зроблена гэта рукамі самога Лукашэнкі. Апазіцыйныя рэжыму сілы, якія аўтары дакумента называюць «нацыяналістычнымі» і «празаходнімі», у значнай ступені знішчаныя або выціснутыя з краіны, а тыя, што засталіся ў Беларусі, знаходзяцца фактычна ў падпольным стане.
Мэту «фармаванне і зацверджанне графіка рэгулярных сумесных ваенных вучэнняў узброеных сіл і спецыяльных службаў дзвюх краін» можна лічыць дасягнутай. У снежні 2022 года пасля правядзення перамоваў з Лукашэнкам у Мінску прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што абедзве дзяржавы будуць праводзіць рэгулярныя ваенныя вучэнні. Да гэтага часу на беларускіх палігонах на рэгулярнай аснове ўжо трэніраваліся расійскія танкісты, мотастралкі, артылерысты, сувязісты і іншыя спецыялісты, неабходныя арміі РФ для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. А злучэнні і вайсковыя часткі абедзвюх краін праводзілі мерапрыемствы баявога зладжвання — то-бок вучыліся дзейнічаць сумесна.
Мэта «падаўжэнне на 25 гадоў пагаднення аб выкарыстанні радыёстанцыі ў п. Вілейка і вузла сістэмы папярэджання пра ракетны напад у г. Баранавічы» таксама дасягнутая. Пагадненне аб падаўжэнні арэнды расійскіх вайсковых базаў было падпісанае ў кастрычніку 2021 года.
Дасягненне мэты «забяспечанне ўбудавання БелАЭС у энергасістэму Саюзнай дзяржавы» стала пабочным эфектам суўдзелу Беларусі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Страціўшы пасля пачатку вайны магчымасць пастаўляць электраэнергію ва Украіну (краіны ЕС адмовіліся купляць яе яшчэ раней), Мінск сам фарсіраваў стварэнне агульнага энергетычнага рынку з РФ. Важнасць працы на гэтым напрамку яшчэ больш вырасце пасля выхаду на праектную магутнасць другога энергаблока БелАЭС, які запланаваны на канец жніўня 2023 года. Не маючы магчымасці экспартаваць электраэнергію ў Латвію, Літву, Польшчу і Украіну, Беларусь тэарэтычна зможа прадаваць лішкі толькі ў Расію — якая, праўда, сама вырабляе электраэнергіі больш, чым спажывае.

Сярэднетэрміновых палітычных мэтаў у дакуменце шэсць.
Адна з іх, «максімальнае павелічэнне колькасці беларускіх грамадзян, якія складаюць устойлівыя прарасійскія групы інтарэсаў у беларускай палітычнай эліце», — гэта таксама няпэўная «мэта-працэс» без выразнага крытэру дасягальнасці.
Мэта «ўвядзенне спрошчанага парадку выдачы расійскіх пашпартоў беларускім грамадзянам у мэтах стварэння ў Рэспубліцы Беларусь праслойкі расіян, зацікаўленых у інтэграцыйных памкненнях дзвюх краін» была дасягнутая яшчэ да стварэння дакумента, атрыманага Yahoo! News. З ліпеня 2020 года грамадзянам Беларусі для атрымання расійскага грамадзянства дастаткова самога факту наяўнасці грамадзянства беларускага. Нашыя суайчыннікі вызваленыя ад неабходнасці здаваць экзамен па рускай мове падчас атрымання віду на жыхарства (неабходны этап на шляху да атрымання расійскага грамадзянства). А пасля выдачы ВНЖ у іх няма неабходнасці жыць у Расіі нейкі тэрмін: дакументы на атрыманне грамадзянства яны могуць падаваць адразу ж пасля гэтага.
Магчыма, аўтары дакумента мелі на ўвазе далейшае спрашчэнне працэдуры — але нават без яго беларусу атрымаць расійскае грамадзянства значна прасцей, чым, напрыклад, карту паляка.
Мэта «пашырэнне інфраструктуры вайсковай прысутнасці РФ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» дасягнутая. Напярэдадні расійскага ўварвання ва Украіну і пасля яго пачатку на тэрыторыі краіны на пастаяннай аснове размешчаныя значныя расійскія сілы. Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінабароны Беларусі, восенню 2022 года гаворка ішла пра 9 тысяч вайскоўцаў з РФ. Размяшчэнне такой колькасці вайскоўцаў у любым выпадку патрабуе перадачы Расіі часткі наяўнай беларускай вайсковай інфраструктуры альбо будаўніцтва новай. Інфармацыя пра будаўніцтва новых вайсковых аб’ектаў, з высокай доляй імавернасці прызначаных для расіян, паступае з суседніх з Украінай Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Мэта «недапушчэнне правядзення ў Беларусіі (зноў фармулёўка з дакумента. — Заўв. рэд.) вучэнняў з удзелам падраздзяленняў краін — удзельніц NATO» дасягнутая. Цяпер немагчыма нават уявіць паўтарэнне сітуацыі, якая склалася ў сакавіку 2020 года, калі беларускія дэсантнікі трэніраваліся пад Віцебскам з брытанскімі «зялёнымі берэтамі».

Мэта «распрацоўка і рэалізацыя комплексных мер па забяспечанні інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы, уніфікацыя заканадаўства ў гэтай галіне» пакуль не дасягнутая. Праект «Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы» сапраўды існуе, і расіяне чакалі, што дакумент зацвердзяць да канца 2022 года. Тым не менш у пачатку лютага 2023 года беларускі бок паведамляў, што распрацоўка канцэпцыі толькі «завяршаецца».
Мэта «рэалізацыя сумесных намаганняў па супрацьдзеянні нарошчванню кантынгентаў NATO ва Усходняй Еўропе, пашырэнню альянсу на ўсход, разгортванню сістэм супрацьракетнай абароны ў рэгіёне» праваленая. З моманту магчымага стварэння дакумента пра сваё жаданне ўступіць у NATO заявілі Швецыя і Фінляндыя, Паўночнаатлантычны альянс стварыў дадатковыя шматнацыянальныя баявыя групы ў Балгарыі, Венгрыі, Румыніі і Славакіі.
Сярод заяўленых у дакуменце доўгатэрміновых палітычных мэтаў самае істотнае прасоўванне пазначылася ў ваеннай галіне. У прыватнасці, суўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны можна лічыць вынікам «правядзення ўзгодненай знешняй палітыкі ў галіне абароны». Ступень дасягнення іншых мэтаў накшталт «фармавання адзінай прававой сістэмы Саюзнай дзяржавы» або «фармавання агульнай навуковай, тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы» ацаніць складана — гэта таксама працэсы, моцна расцягнутыя ў часе. Падобна да таго, што праца па іх вядзецца (да прыкладу, сюды можна аднесці падпісанне Пуціным і Лукашэнкам у канцы 2021 года 28 «саюзных праграм»), але акрэсліць імаверны час іх завяршэння не ўяўляецца магчымым.
Мэты ў гандлёва-эканамічнай сферы
У блоку з шасці кароткатэрміновых гандлёва-эканамічных мэтаў самай абстрактнай выглядае «фармаванне ўстойлівых прарасійскіх груп уплыву ў беларускай эканамічнай эліце». Астатнія пяць дастаткова канкрэтныя.
Мэта па «садзейнічанні Рэспубліцы Беларусь у пытаннях далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі» праваленая. У сакавіку 2022 года СГА вырашыла адмовіць Беларусі ва ўступленні ў арганізацыю праз датычнасць краіны да ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Да гэтага перамовы былі замарожаныя пасля здушэння пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў 2020 годзе.
Мэта «вырашэнне наяўных праблем, звязаных з транзітам і інфраструктурнымі платформамі» таксама правалена. Транзіт грузаў праз тэрыторыю Беларусі цяпер складаны як ніколі раней за ўсю яе гісторыю як незалежнай дзяржавы. Мяжа з Украінай фактычна закрытая. А мяжа з заходнімі суседзямі крок за крокам набліжаецца да такога стану.
Мэта «ліквідацыя бар’ераў у гандлі і недапушчэнне дыскрымінацыі расійскіх кампаній і вытворцаў у Рэспубліцы Беларусь», імаверна, дасягнутая ў пэўнай меры. Адзін з апошніх рэзанансных выпадкаў па абмежаванні продажу расійскіх тавараў у Беларусі адбыўся ў верасні 2019 года, калі вытворцы біялагічна актыўных дабавак з РФ абвінавацілі беларускія ўлады ў стварэнні бар’ераў на шляху распаўсюду іх прадукцыі. Гэта, вядома, не значыць, што дыскрымінацыі расійскіх кампаній няма наогул. Але інфармацыя пра такія выпадкі цяпер радзей трапляе ў публічнае поле.
Мэта «пераарыентаванне на расійскія парты ўсяго аб’ёму прадукцыі, якая перавальваецца праз парты краін Прыбалтыкі і Польшчы» пакуль не дасягнутая, але рух у гэтым кірунку вядзецца. Санкцыі, якія праз дзеянні ўладаў накладзеныя на Беларусь, вельмі ўскладнілі ці нават зрабілі немагчымым экспарт беларускіх тавараў праз літоўскія, латвійскія, польскія і ўкраінскія парты. У выніку ў 2022 годзе адзначаўся больш чым двухразовы рост аб’ёмаў беларускага экспарту, адпраўленага пакупнікам праз парты Расіі. Праўда, у абсалютных лічбах гэта не так уражвае. У студзені-верасні 2022 года праз усе расійскія парты было вывезена 3,6 мільёна тон беларускіх грузаў — а ў 2019 годзе праз адзін толькі літоўскі порт у Клайпедзе адправілі 14,1 мільёна тон.

Мэта «скасаванне роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы» не дасягнутая. Нягледзячы на аптымістычныя прагнозы расійскага пасла Барыса Грызлова, які сцвярджаў, што роўмінг паміж дзвюма краінамі будзе скасаваны да 1 чэрвеня 2022 года, па стане на люты 2023 года рашэнне пра скасаванне ўсё яшчэ не прынятае (пакуль удалося дамовіцца толькі пра зніжэнне платы за гэтую паслугу).
Гандлёва-эканамічныя мэты на сярэднетэрміновую перспектыву ўключаюць мерапрыемствы па ўніфікацыі мытнага і падатковага заканадаўства, стварэнні Падатковага кодэкса і Падатковага камітэта Саюзнай дзяржавы. Тут жа згаданае збліжэнне гандлёвай і мытна-тарыфнай палітыкі ў дачыненні да трэціх краін, аб’яднанне энергетычнай і транспартнай сістэм, сістэм сувязі і камунікацыі. Асобнымі пунктамі згаданыя зняцце абмежаванняў на пастаўку ў Беларусь асобных відаў расійскай прамысловай прадукцыі і адыход ад практыкі «выціскання» расійскіх тавараў з рознічных сетак. Прынцыповых прарываў у дасягненні ўсіх гэтых мэтаў не было, адзначыць можна хіба што падпісанне і ратыфікацыю ў верасні мінулага года дамовы аб супрацоўніцтве паміж краінамі ў мытнай сферы.
Дзесяць доўгатэрміновых гандлёва-эканамічных мэтаў, ніводная з якіх пакуль не дасягнутая, у выпадку выканання прывядуць да практычна поўнай ліквідацыі рэшткаў эканамічнага суверэнітэту Беларусі. Найважнейшыя з іх:
- зняцце ўсіх бар’ераў і абмежаванняў у рамках Саюзнай дзяржавы, рэалізацыя ў поўнай меры свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы;
- увядзенне адзінай грашовай валюты;
- стварэнне агульнага рынку каштоўных папер і ўстановаў па іх эмісіі і рэгуляванні фондавага рынку;
- увядзенне адзінай мытнай і падатковай прасторы;
- увядзенне адзінага парадку экспартнага кантролю;
- правядзенне адзінай грашова-крэдытнай, валютнай, падатковай і цэнавай палітыкі.
Мэты ў гуманітарнай сферы
Шырокі набор гуманітарных мэтаў, акрэсленых у дакуменце, самы няпэўны. Складана ацаніць ступень дасягнення такіх мэтаў, як «прасоўванне ў медыяпрасторы і грамадстве установак пра перавагі культурнай, эканамічнай і палітычнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй як адзінай магчымасці захаваць суверэнітэт Беларусі на фоне агрэсіўнай экспансіі ЗША, Еўропы і Кітая» або «павышэнне эфектыўнасці метадаў „народнай дыпламатыі“, пашырэнне практыкі культурных і навучальных абменаў». Тым не менш сякія-такія канкрэтныя задачы вызначаныя і тут.
Сярод іх — кароткатэрміновая мэта «вяртанне кантролю расійскаму боку за дзейнымі ў рэспубліцы франшызамі расійскіх СМІ (Інтэрфакс, Аргументы і Факты, Камсамольская праўда), скарачэнне цэнзуры». Улічваючы тое, што з кастрычніка 2021 года газета «Камсамольская праўда ў Беларусі» ўвогуле не выходзіць у нашай краіне, а сайт агенцтва «Інтэрфакс-Захад» перастаў працаваць у студзені 2022-га, гаварыць пра дасягненне гэтай мэты не даводзіцца.
Мэта «адкрыццё пунктаў прыёму АДЭ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь альбо распрацоўка методыкі ўзаемазаліку вынікаў ЦТ і АДЭ» дасягнутая, прычым яшчэ да імавернай даты стварэння адпаведнага дакумента. Ужо летам 2021 года абітурыенты маглі паступаць у расійскія ВНУ па выніках беларускага цэнтралізаванага тэставання.
Сярэднетэрміновыя мэты ў гуманітарнай сферы, акрэсленыя ў дакуменце, уключаюць, апроч іншага, «заснаванне камісіі Саюзнай дзяржавы па правах чалавека». Гэтая мэта не дасягнутая, такога органа па-ранейшаму не існуе.

Мэта «адкрыццё ў Рэспубліцы Беларусь філіялаў найбуйнейшых расійскіх ВНУ» пакуль таксама не дасягнутая. У Беларусі па-ранейшаму ёсць усяго два філіялы расійскіх ВНУ (і адзін Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве), хоць у траўні 2022 года пасол Барыс Грызлоў выказаў меркаванне, што гэтага недастаткова. Акрамя таго, вядома, што беларускія філіялы расійскіх ВНУ ў 2022 годзе пачалі набіраць студэнтаў з нашай краіны на бюджэтныя месцы, а ў 2023 годзе колькасць такіх месцаў павялічылася.
Мэта «стварэнне расійскай школы ў Мінску альбо пад эгідай Міністэрства асветы РФ, альбо пры пасольстве Расіі ў РБ» не дасягнутая.
«Адкрыцця новых цэнтраў навукі і культуры — прадстаўніцтваў Рассупрацоўніцтва ў Магілёве, Гродне і Віцебску» пакуль таксама не адбылося. На канец 2022 года ў Беларусі дзейнічаў «Рускі дом» у Мінску і яго філіялы ў Гомелі і Брэсце.
Мэта «ўмацаванне пазіцый рускай мовы, яе дамінаванне над беларускай у якасці дзяржаўнай» аднесеная ў дакуменце да катэгорыі доўгатэрміновых. На жаль, варта прызнаць, што тэхнічна яна дасягнутая, і досыць даўно. Імаверна, называючы мэту доўгатэрміновай, аўтары дакумента мелі на ўвазе доўгае падтрыманне цяперашняга становішча рэчаў і далейшую маргіналізацыю роднай мовы беларусаў.
Другая (і апошняя) доўгатэрміновая гуманітарная мэта — гэта «аб'яднанне адукацыйных стандартаў, узаемнае прызнанне дыпломаў ВНУ Расіі і Беларусі». Другая частка мэты выглядае досыць дзіўна ў сувязі з тым, што пагадненне пра ўзаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі паміж краінамі падпісанае яшчэ ў 1996 годзе і з некаторымі пазнейшымі зменамі дзейнічае дагэтуль. Што да аб’яднання адукацыйных стандартаў дзвюх краін, то размовы пра гэта перыядычна падымаюцца. Тэарэтычна гэта магчыма ў сувязі з выхадам Расіі і Беларусі з Балонскай сістэмы вышэйшай адукацыі. Але пакуль гэтая мэта не дасягнутая.
Дзіўнае ў дакуменце
У цэлым дакумент, апублікаваны Yahoo! News, стварае супярэчлівае ўражанне. У ім ёсць шэраг дзіўных рэчаў. Нягледзячы на тое, што ён не вельмі вялікі па аб’ёме, нашая дзяржава ў ім называецца і «Республикой Беларусь», і «Республикой Белоруссией», і «Беларусью», і «Белоруссией». Можна дапусціць, што ён рыхтаваўся некалькімі людзьмі, якія ўжываюць назву краіны ў адпаведнасці з рознымі практыкамі, якія склаліся ў РФ. Альтэрнатыўная версія заключаецца ў тым, што дакумент рыхтаваў чалавек, які з нейкай прычыны вырашыў выкарыстаць нязвыклую для сябе назву дзяржавы, але некалькі разоў збіваўся на той варыянт, які выкарыстоўваў звычайна.

Акрамя таго, пытанні выклікаюць і знойдзеныя ў тэксце анахранізмы (то-бок мэты, «не прыдатныя» для дакумента, створанага восенню 2021 года). У прыватнасці, гэта выдаванне за будучую мэту ўзаемнага прызнання дыпломаў ВНУ Расіі і Беларусі, што фактычна адбылося нашмат раней. Яшчэ адзін такі анахранізм — мэта па распрацоўцы методыкі ўзаемазаліку вынікаў беларускага ЦТ і АДЭ, насамрэч дасягнутая за некалькі месяцаў да меркаванай даты стварэння дакумента. Сюды ж адносіцца і спрошчаны парадак выдачы расійскіх пашпартоў беларусам, які дзейнічаў на практыцы і да меркаванага моманту стварэння дакумента.
Чытайце таксама


