У Беларусі нарастаюць перакосы ў гандлі: за кастрычнік імпарт яшчэ больш стаў перавышаць экспарт. Гэта вынікае са звестак Белстата.

Замежнагандлёвы абарот Беларусі ў студзені — кастрычніку склаў 71 млрд 605,5 млн даляраў. Так, экспарт вырас на 5,4% да аналагічнага перыяду мінулага года — да 34 млрд 15,4 млн даляраў, а імпарт дадаў за гэты ж часавы адрэзак 7,1% — да амаль 37,6 млрд.
Разбежка — 3 млрд 574,7 млн даляраў на карысць імпарту. За месяц да таго гэтая розніца была на ўзроўні 2 млрд 426,2 млн даляраў на карысць замежных тавараў.
Што кажуць пра праблему чыноўнікі і як Мінск спрабуе ўдарыць па імпарце (але крайнія — людзі)?
Чыноўнікі не першы год змагаюцца з імпартам, але маюць з гэтым цяжкасці. Тым часам Беларусь усё больш збліжаецца з Расіяй па замежным гандлі.
У сярэдзіне жніўня гэтага года ў Мінэканомікі расказалі, чаму ўзніклі цяжкасці ў замежным гандлі: імпарт тавараў апярэджвае экспарт. У гэтым ведамстве лічаць, што «вінаватыя» ў гэтым у тым ліку цэны на нафту і калій. Нагадаем, раней гэта міністэрства папракала ў праблемах у замежным гандлі ў тым ліку насельніцтва — праз павышаны попыт на імпартныя тавары.
На праблему ў замежным гандлі 17 чэрвеня гэтага года звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка: яна яго насцярожвае. У гэты ж дзень прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка патлумачыў, чаму імпарт тавараў перавышае экспарт. На ягоную думку, «нейкай катастрофы няма». «Калі казаць пра прычыны, то яны таксама празаічныя: сусветная цана на нафту вырасла, адпаведна, мы закупляем сырую нафту, таму гэта адыграла на павелічэнне цаны імпарту», — заявіў раней Раман Галоўчанка.
Чытайце таксама